МАСКО́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭ́МІЯ ХАРЭАГРА́ФІІ,
адна са старэйшых навуч. устаноў Расіі ў галіне сцэн. мастацтваў. Рыхтуе артыстаў балета з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, балетмайстраў, педагогаў-харэографаў і канцэртмайстраў. Засн. ў 1773 як класы «тэатральнага танцавання» пры Выхаваўчым доме. З 1806 Імператарскае тэатр. вучылішча па падрыхтоўцы артыстаў оперы, балета, драмы і музыкантаў тэатр. аркестраў, з 1917 спецыялізаванае харэаграфічнае. З 1920 Дзярж. балетная школа ў складзе Вял. т-ра, з 1931 балетны тэхнікум, з 1937 Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, з 1961 акадэмічнае. У 1987 пераўтворана ў харэаграфічны ін-т, з 1995 акадэмія. У складзе акадэміі (1999): вучылішча (рыхтуе артыстаў балета з сярэдняй адукацыяй), кафедры па спецыяльнасцях, б-ка. Сярод выкладчыкаў: С.Галоўкіна (дырэктар вучылішча з 1960, рэктар акадэміі), Л.Жданаў, І.Уксуснікаў, Я.Фарманянц, Г.Кузняцова; сярод выпускнікоў: А.Абрамава, Л.Банк, Н.Падгарэцкая, В.Кудраўцава, І.Майсееў, A. і С.Месерэр, М.Габовіч, В.Лепяшынская, М.Плісецкая, А.Лапауры, Р.Стручкова, К.Максімава, У.Васільеў, Н.Бяссмертнава, М.Лаўроўскі і інш.
Літ.:
Там, где рождается танец. М., 1977.
т. 10, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)